АПКБ нагадаў, што галоўнай рысай «тэрарыстычнай дзейнасці» з’яўляюцца акты, накіраваныя на запалохванне насельніцтва дзеля дасягнення сваіх палітычных, рэлігійных і іншых мэт.
«Таму вельмі дзіўна выглядае прызнанне Аб’яднанага Пераходнага кабінета Беларусі тэрарыстычнай арганізацыяй з боку рэжыму, які на працягу 5 гадоў тэрарызуе сваіх грамадзян як у Беларусі, так і за яе межамі, здзейсніў акт паветранага пірацтва, абвінавачваецца ў трансгранічных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці, стаў саўдзельнікам агрэсіі супраць Украіны».
У заяве падкрэсліваецца, што гэтае рашэнне не мае прававых падстаў, супярэчыць міжнародным нормам і з’яўляецца чарговым актам палітычнага пераследу і прапаганды, скіраваным на дыскрэдытацыю дэмакратычных сіл, якія адстойваюць правы беларускага народа на свабоду і дэмакратыю.
«Аб’яўленне Кабінета «тэрарыстычнай арганізацыяй» – гэта спроба запалохвання ўсіх грамадзян, якія падтрымліваюць змаганне за свабоду.
Гэта паказчык страху нелегітымнага рэжыму перад альтэрнатыўнымі інстытутамі беларускай супольнасці. Гэта працяг лініі эскалацыі грамадска-палітычнага канфлікту і паглыбленне ўзроўню грамадскага супрацьстаяння», - адзначае АПКБ.
І заяўляе, што будзе працягваць сваю дзейнасць па ахове суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, па абароне нацыянальных інтарэсаў.
«Ніякія шантаж і пагрозы з боку нелегітымнага рэжыму не паўплываюць ні на нашу рашучасць, ні на салідарнасць нашых партнёраў, якія падтрымліваюць барацьбу за незалежную, дэмакратычную і еўрапейскую Беларусь», напісана ў заяве Аб’яднанага Пераходнага кабінета Беларусі.
яс